ПІРЭНЕ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Іберыйскі паўвостраў,
на ПдЗ Еўропы. Абмываецца Атлантычным ак. і яго Біскайскім зал., Гібралтарскім пралівам, Міжземным м. Пл. 582 тыс. км². Берагавая лінія слаба парэзана, на ПнЗ развіты рыясавы тып берагоў. Пераважаюць пласкагор’і і горы. Палеазойскі масіў Месета з’яўляецца ядром паўвострава, які акаймаваны з Пн, У і Пд Пірэнеямі, Кантабрыйскімі, Каталонскімі, Іберыйскімі, Андалускімі гарамі, Сьера-Марэнай, Цэнтр. Кардыльерай і інш. Найвышэйшы пункт г. Муласен у хр. Сьера-Невада (3478 м). Па ўскраінах паўвострава невял. нізіны — Партугальская, Андалуская, Арагонская. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, пераважна сухі ва ўнутр. ч. (сярэдняя колькасць ападкаў ва ўнутр. абласцях 300—500 мм), на З — акіянічны (1500—2000 мм ападкаў за год). Для паўн. ч. паўвострава характэрны пераходны клімат ад субтрапічнага да ўмеранага з вял. колькасцю ападкаў (1000—2000 мм). Асн. рэкі: Таха (Тэжу), Гвадыяна, Дуэра (Дору), Гвадалквівір, Эбра. Прыродная расліннасць на большай ч. прадстаўлена вечназялёнымі паўхмызнякамі і драўняна-хмызняковымі зараснікамі тыпу маквіс, гарыга, таміляры, пальміто; у найб. сухіх раёнах расліннасць мае паўпустынны характар. У вільготнай горнай паўн. ч. пераважаюць лістападныя дубова-букавыя лясы, верасоўнікі, лугі. На зах. ускраіне вечназялёныя лясы з дубу (каменны, коркавы, партугальскі). Фауна міжземнаморскага тыпу. На П.п. размешчаны Іспанія, Партугалія, Андора і Гібралтар.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 12, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)